Павел Кучынскі

Былы палітвязень

Дата нараджэння: 12 лістапада 1994

Дата затрымання: 26 студзеня 2022

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 364 Крымінальнага кодэкса — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў
  • арт. 369 Крымінальнага кодэкса — Абраза прадстаўніка ўлады
  • арт. 368 Крымінальнага кодэкса — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
  • арт. 391 Крымінальнага кодэкса — Абраза суддзі
  • арт. 389 Крымінальнага кодэкса — Пагроза ў дачыненні да суддзі ці народнага засядацеля

Вынік суда: 4 гады і 9 месяцаў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму

Дата вызвалення: 20 жніўня 2024

Суддзя: Калядаў Канстанцін

Пракурор: Жукоўскі Андрэй

Іншыя пазнакі: Памілаванне / амністыя, Сур’ёзныя праблемы са здароўем

Групы: Святары і вернікі

Сімвалічны/ая хросны/ая: Брыта Хасэльман, дэпутатка партыі "Саюз 90/Зялёныя"

Павел Кучынскі

Павел Андрэевіч Кучынскі быў затрыманы 26 студзеня 2022 года ў Маладзечне за каментары ў інтэрнэце. Павел мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Ягоны стан вельмі пагоршыўся ў зняволенні, распачаўся запаленчы працэс.

Яму выставілі абвінавачванні паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады);
  • арт. 389 (Пагроза ў дачыненні да суддзі);
  • арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
  • арт. 391 (Абраза суддзі або народнага засядальніка);
  • арт. 364 (Пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады).

Кучынскі — каталіцкі вернік. Разам з сястрой яны ўвесь час хадзілі на імшу ў маладзечанскі касцёл. Вялікае захапленне маладога чалавека — гэта музыка, ён скончыў музычную школу па класе фартэпіяна.

Суд Вілейскага раёна 2 чэрвеня 2022 г. пачаў разгляд крымінальнай справы Паўла Кучынскага. Далейшыя пасяджэнні вырашылі праводзіць у закрытым рэжыме, бо могуць быць агучаныя персанальныя дадзеныя ўдзельнікаў працэса, а таксама звесткі, якія прыніжаюць удзельнікаў працэса — пацярпелых. 7 чэрвеня суддзя Канстанцін Калядаў вырашыў прызначыць палітвязню канчатковае пакаранне па сукупнасці артыкулаў шляхам частковага накладання пакаранняў у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У ліпені 2022 года, падчас медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — да гэтага ў яго была інваліднасць другой групы.

2 верасня 2022 года Паўлу Кучынскаму па апеляцыйнай скарзе зменшылі тэрмін пакарання з 5 гадоў калоніі да 4 гадоў і 9 месяцаў. Але пры гэтым дадалі штраф у памеры 120 базавых велічыняў (3 840 рублёў).

У канцы верасня 2022-га Паўла перавялі ў рэспубліканскую лякарню на Валадарскага, дзе будуць утрымліваць да правядзення ПЭТ/КТ — дыягностыкі для онкахворых. У гэтай лякарні хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медыцынскіх патрэбаў.

Як стала вядома ў снежні 2023 г., курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў курс лячэння змяняюць, але палітвязню не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі наконт перасадкі касцявога мозга, але праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма.

Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.

У чэрвені 2024 года стала вядома аб пераводзе палітвязня ў рэспубліканскую бальніцу пры СІЗА-1.

Напрыканцы жніўня 2024 г. Паўла вызвалілі па памілаванні. Але, як паведаміў яго знаёмы, прывезлі хлапца з турэмнай лякарні ў гарадскую, з пнеўманіяй. 


Мінімум 13 палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні, сярод іх — Ксенія Луцкіна і Васіль Бераснёў

16 жніўня Лукашэнка падпісаў Указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. За апошнія суткі з калоній па памілаванні пачалі выходзіць палітзняволеныя. Па стане на 21 жніўня праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы 13 вызваленых палітвязняў, сярод іх Васіль Бераснёў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская,Вольга Новікава, Ірына Санкоўская і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.

"Вясна" звярнулася ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях з нагоды пагаршэння здароўя Паўла Кучынскага

Юрысты праваабарончага цэнтра "Вясна", занепакоеныя станам здароўя палітзняволенага Паўла Кучынскага, падрыхтавалі і накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. Раней быў пададзены зварот Cпецдакладчыкам ААН. На падставе гэтага звароту Спецдакладчыкі напрыканцы траўня звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з пагаршэннем здароўя палітвязня, аднак адказу дагэтуль не атрымалі.

Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да Беларусі з запытам аб сітуацыі са здароўем Паўла Кучынскага

Спецдакладчыкі ААН звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з пагаршэннем здароўя палітвязня Паўла Кучынскага, пра якую ім паведамілі юрысты "Вясны".

У анкахворага палітвязня прагрэсуе хвароба. Ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні

Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. З лекарамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.

Вынесены суровы прысуд жыхару Маладзечна з анкалагічным захворваннем чацвёртай стадыі

Таксама Кучынскі павінен выплаціць матэрыяльную кампенсацыя маральнай шкоды начальніку РАУС Маладзечанскага раёна Вадзіму Прыгару ў памеры 1500 рублёў і памочніку камандзіра ўзвода ППС Маладзечанскага раёна Генадзю Філістовічу 1000 рублёў.

Больш за дзясятак абраз і пагроз у адрас прэзідэнта, суддзі і супрацоўнікаў міліцыі фігуруе ў судзе над Паўлам Кучынскім

Сваякам удалося дабіцца, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванні, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следачай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца і што родныя "гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс".

Пазбаўлены волі, змагаецца за жыццё. Гісторыя вязня Паўла Кучынскага, хворага на рак у 4-й стадыі

Пра самога Паўла, пра яго хваробу і затрыманне мы пагаварылі з сястрой зняволенага Янай.

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»