Вікторыя Кульша

Палітзняволеная

Дата нараджэння: 26 лютага 1982

Дата затрымання: 4 лістапада 2020

Прад'яўленыя абвінавачванні:

  • арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
  • арт. 411 Крымінальнага кодэкса — Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы

Вынік суда: 4 гады і 6 месяцаў

Від пакарання: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму

Суддзя: Хвайніцкая Жанна, Мальцаў Сяргей, Іванюценка Станіслаў

Пракурор: Кароль Аляксандр

Месца зняволення: СІЗА-3

Групы: Адміністратары ТГ-каналаў

Іншыя пазнакі: Сур’ёзныя праблемы са здароўем

Вікторыя Аляксандраўна Кульша да затрымання працавала інжынеркай па ахове працы. Паводле адукацыі яна юрыстка, таксама скончыла курсы манікюру і масажу.

Была адміністратаркай чата "Кіроўцы 97%", за што і была затрыманая 4 лістапада 2020 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Жанчыну змясцілі ў СІЗА-1 у Мінску.

Першапачаткова ёй было прад'яўленае абвінавачванне паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У лютым 2021 года стала вядома, што абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

У судзе Заводскага раёна 4 чэрвеня 2021 года быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”. Слуханні па справе праходзілі ў закрытым рэжыме. Падчас спрэчак пракурор запрасіў пакараць палітвязняў Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Таццяну Шкробат, якая супрацоўнічала са следствам і прызнала віну, трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Жанна Хвайніцкая.

У гомельскай жаночай калоніі № 4 на выязным пасяджэнні 13 чэрвеня 2022 г. разглядзелі крымінальную справу Вікторыі Кульшы паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Працэс праходзіў у будынку папраўчай калоніі, таму сваякоў на пасяджэнне не пусцілі. Суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомеля Сяргей Мальцаў прысудзіў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення яшчэ адзін год у калоніі.

Вікторыю судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі гомельскай калоніі № 4. Так, сярод "парушэнняў" у яе былі: "знішчэнне ліста, напісанага да дачкі"; "выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы"; "знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто", "пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася". У калоніі палітзняволеную прызналі "злоснай парушальніцай рэжыму". У адносінах да Вікторыі агулам было выпісана 34 спагнанні. Паводле матэрыялаў справы, Вікторыя прыехала ў калонію ўжо з 24 спагнаннямі. На судзе яна заявіла, што "ад самага пачатку да яе было пільнае і староннае стаўленне з боку адміністрацыі". Яна ўпэўнена, што "абвінавачанне з'яўляецца цалкам надуманым", а вінаватай сябе не лічыць.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі Вікторыю змясцілі ў гомельскі СІЗА-3. Гомельскі абласны суд 10 жніўня 2022 г. разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай на прысуд суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Прысуд пакінулі без зменаў.

22 жніўня 2022 г. палітзняволеную этапавалі ў папраўчую калонію № 24.

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Вікторыю Кульшу зноў судзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК, але гэтым разам — за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ў Зарэччы. Вядома, што па прыбыцці ў калонію палітзняволеную змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ на шэсць месяцаў. Чарговы суд над жанчынай распачаўся 6 красавіка 2023 г. у Рэчыцы. На наступны дзень, 7 красавіка 2023 года, суддзя Станіслаў Іванюценка прызнаў Вікторыю вінаватай і прысудзіў ёй яшчэ адзін год пазбаўлення волі (цяпер канчатковы тэрмін складае чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму).

З 14 красавіка 2023 г. Вікторыя ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА-3.

Гомельскі абласны суд 14 чэрвеня 2023 г. разглядзіць апеляцыйную скаргу Вікторыі.

З 22 чэрвеня 2023 г. адбывае пакаранне ў ПК № 24.

У кастрычніку 2023 г. Вікторыю чарговы раз змяшчалі ў ШІЗА на 30 сутак. А ў лістападзе палітзняволеную змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Тэрмін і прычыны спагнання пакуль невядомыя.

Агулам Вікторыя ўжо адбыла 70 сутак ШІЗА і 6 месяцаў у ПКТ

У пачатку лютага 2024 г. стала вядома, што супраць Вікторыі хочуць узбудзіць трэцюю запар крымінальную справу за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" па арт. 411 КК. Падрабязнасці пакуль невядомыя.

Па стане на ліпень 2024 г. утрымліваецца ў СІЗА № 3.

Палітзняволенай Вікторыі Кульшы ў трэці раз дадалі тэрмін па крымінальнай справе

За паўгода ў рэчыцкай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў.

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык

"Вясна" распавядае, як на жанчыну ціснулі ў папраўчай калоніі, і ў якім цяпер стане знаходзіцца Вікторыя.

"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных

"Вясна" распавядае, у якіх умовах утрымліваюць палізняволеных жанчын у калоніі для "рэцыдывістак", хто адказвае за ціск на іх, і як улады працягваюць пераследаваць ужо асуджаных жанчын.

Палітзняволенай Вікторыі Кульшы пакінулі прысуд у сіле. Ёй пагражаюць ціскам у новай жаночай калоніі для "рэцыдывістак"

Пакуль палітзняволеная чакала апеляцыю, на яе ціснула адміністрацыя гомельскага СІЗА-3, таму яна на знак пратэсту два тыдні трымала галадоўку. Нядаўна ў яе пачаўся крывацёк, але турэмныя лекары пра гэта нібыта не ведалі, таму і не аказвалі ёй медыцынскую дапамогу. "Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра стан здароўя Вікторыі Кульшы і як на яе ціснуць у месцах зняволення.

«Падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных сродкаў"»: як улады пераследуюць палітзняволеную Вікторыю Кульшу

Пра тое, як праходзіў суд над Вікторыяй, пра ейную «змову» з Марыяй Калеснікавай, пра пагрозы адміністрацыі калоніі і пра тое, як жанчына пачуваецца цяпер, пасля 20 месяцаў у зняволенні, — дачка Вікторыі распавяла «Вясне».

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў калоніі асудзілі да яшчэ аднаго году зняволення

Справу Вікторыі разглядалі на выязным пасяджэнні на тэрыторыі калоніі, таму сваякоў не прапусцілі на суд. Пракурор запрасіў для Вікторыі год зняволення — менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Сяргей Мальцаў.

У Мінску трох адміністратараў каналу "Кіроўцы 97%" адправілі ў калонію

У судзе Заводскага раёна чацвёртага чэрвеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”.

Адміністратараў тэлеграм-каналу "Кіроўцы 97" судзяць у закрытым рэжыме

У судзе Заводскага раёна 5 траўня распачаўся суд над чатырма адміністратарамі тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”. Абвінавачаныя па справе – палітзняволеныя Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк, Вікторыя Кульша, а таксама Таццяна Ш. якая не знаходзіцца пад вартай.

Палітзняволенай Вікторыі Кульша далі 10 сутак карцару за бчб-заколку

Палітзняволеная Вікторыя Кульша, адміністратарка тэлеграм-канала «Кіроўцы 97%», якая з лістапада знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, перадала «Новаму Часу» інфармацыю пра рэпрэсіі ў ізалятары.

Адрас для лістоў: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Палітвязні знаходзяцца па адрасах:

Падтрымаць «Вясну»