Віталь Чопік
Палітвязень
Дата нараджэння: 17 ліпеня 1983
Дата затрымання: 12 сакавіка 2024
Прад'яўленыя абвінавачванні:
- арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці
Месца зняволення: СІЗА-7
Віталь Віктаравіч Чопік — жыхар Брэста, які хадзіў на палітычна матываваныя суды.
БелТА пісала, што мужчына "разам з саўдзельнікамі... сістэматычна наведваў суды па крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю аб сведках і прадстаўніках праваахоўных органаў”. Яго здымалі на камеру пасля такіх судоў і спрабавалі задаваць пытанні. Закадравы голас паказвае ў кадры Чопіка і называе мужчыну “заўсёднікам” падобных судоў: маўляў, “рэгулярна наведвае судовыя працэсы, дзе абвінавачаныя — прыхільнікі апазіцыйных поглядаў”.
Паводле звестак, атрыманых у розны час ад крыніц “Брэсцкай вясны” вядома, што ў мужчыны праводзілі ператрус 1 снежня 2021 года. А ў верасні 2022 года Чопіка затрымалі спачатку па артыкуле 19.11 КаАП, але калі аказалася, што ў мужчыны проста няма тэлефона, дзе могуць быць нейкія “экстрэмісцкія матэрыялы”, то склалі пратакол ужо па арт.24.23 КаАП. Падставай для пратаколу стаў БЧБ-сцяг, прылеплены скотчам знутры да акна дома, хаця сам Чопік сцвярджаў, што сцяг з'явіўся ўжо пасля таго, як яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ.
Напачатку сакавіка 2024 года берасцейца зноў затрымалі. Паводле звестак “Брэсцкай вясны”, пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, а колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа казаць аб пашкоджанні печані праз збіццё).
12 сакавіка быў адміністрацыйны суд паводле арт. 24.3 КаАП за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Як вынікае з рашэння суда, Чопік казаў, што на працягу 1 хвіліны адчыніў дзверы ГУБАЗіК для ператрусу — але супрацоўнік ГУБАЗіК сцвярджаў што гучна патрабаваў адкрыць дзверы цэлых 20 хвілін. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне, кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем). Яму прад'явілі абвінавачанне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.
А 28 сакавіка МУС абвясціла што змясціла берасцейца ў СІЗА.
Напрыканцы красавіка 2024 г. стала вядома, што Віталю збіраюцца дадаць яшчэ адзін артыкул, пра гэта паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Паводле іх, Віталь ўдзельнічаў у "масавых беспарадках у Брэсце ў 2020 годзе". Раней палітвязню быў інкрымінаваны толькі арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Затрыманага ў Брэсце Віталя Чопіка вазілі ў шпіталь са слядамі моцнага збіцця